“Карціны на шпацыры” – так адной ёмістай фразай можна апісаць арт-праект Zabor. Zabor – гэта выстава рэпрадукцый карцін сучасных беларускіх мастакоў наўпрост на агароджах гораду. Выстава ўжо была ў Мінску, Варшаве, а зараз Zabor едзе ў Віцебск. Стрыт-арт ці паблік-арт, які даўно ўжо акупаваў гарадскую прастору еўрапейскіх гарадоў, стане даступным жыхарам Беларусі. Асноўная ідэя падобных выстаў – зрабіць мастацтва больш даступным, сцерці межы паміж гледачамі і творам мастацтва.
Віцебская выстава будзе адрознівацца ад таго, што бачылі жыхары Мінску і Варшавы. “Мы хацелі не проста перавозіць ужо гатовую экспазіцыю з аднаго горада ў іншы, - адзначае Антаніна Серакова, куратар арт-праекту Zabor, - але прыладкоўвацца пад канкрэтны горад, яго спецыфіку і атмасферу. Істотна, каб праект увесь час развіваўся: у кожным горадзе мы дадаем у экспазіцыю штосьці новае”.
Што новага чакае жыхароў Віцебска? Перш-наперш, апроч чатырох мастакоў, якія экспанаваліся ў Мінску – гэта Руслан Вашкевіч, Сяргей Каваль, Уладыслаў Стальмахаў і Віктар Альшэўскі – гледачы змогуць пабачыць працы віцебскага мастака Аляксандра Дасужава. Яго працы не проста надзелены аўтарскім стылем, але, перш за ўсё, адлюстроўваюць асаблівасці таго, што ў мастацтве называюць віцебскай школай.
Апроч гэтага, арт-праект Zabor у Віцебску будзе прысвечаны не проста Беларусі і беларусам, але, у першую чаргу, самому гораду з яго дзівоснай гісторыяй, цікавымі падзеямі і штодзённымі турботамі. Такім чынам, Zabor – гэта не толькі нагода для шпацыру на вольным паветры, але і магчымасць паглядзець на сябе і на свой родны горад збоку.
http://news.vitebsk.cc/2013/03/23/zabor-edze-w-vitsebsk/