elena_2004 (elena_2004) wrote,
elena_2004
elena_2004

ЮРАВІЧЫ

Оригинал взят у azarkinm в ЮРАВІЧЫ (Гомельская вобласць)
Думаю, што ўсе школьнікі з пэўнага класа ў Беларусі, ведаюць, што першыя старажытныя стаянкі, якія былі знойдзены на тэрыторыі нашай краіны гэта – Юравічы і Бердыж. Да другой яшчэ не даехалі мы, а вось да першай завіталі ў госьці гэтым летам. Але спачатку як заўсёды пра гісторыю.


У паданнях за Юравічамі замацавалася аж 2 назвы. Першая – Міжмосце, горад які існаваў у ХІІ ст і быў спалены падчас войнаў і набегаў татар. Другі – Відоліч, менавіта з такой назвай тут існаваў замак, які ў 1240 годзе спалілі ўсё тыя ж татары.


Але, самыя першыя пісьмовыя ўзгадкі назвы “Юравічы” адносяцца да 1430 года (звесткі Вікіпедыі), мясцовыя жыхары адлік вядуць з 1510 года (як напісана на стэндзе з гісторыяй мястэчка).


Прыкладна ў гэтыя ж часы з’яўляецца ў Юравічах і святыня – Абраз Маці Божай Юравіцкай.


Паданне з ім таксама цікавае. Кажуць, што быў знойдзены абраз “Божай Маці” ў горадзе Юр’еве, а ў 1630 годзе абраз ужо знаходзіўся на заванні ў гетмана войск Рэчы Паспалітай Станіслава Канецпольскага, які ваяваў з казакамі і хадзіў з абразам Божай Маці на Маскву. Унук Станіслава перадаў абраз іезуіцкаму ордэну і калі святыню перавозіў манах Марцін Тароўскі, коні з яго абоза спынілся ў гэтым месцы і не захацелі зрушыцца далей. Такім чынам, было вырашына будаваць тут драўляную капліцу. І пайшлі расповяды пра цуд, і пацягнуліся да абраза вернікі. Мураваны касцёл у мястэчку пачалі будаваць ў 1717 годзе, а ўверасні 1758 абраз перанеслі з драўлянага касцёла ў мураваны. Кароль і вялікі князь Ян Сабескі выдаў прывілей, паводле якога сяло атрымала статус мястэчка і дазвалялася ў Юравічах праводзіць штогод па 4 кірмашы (а гэта я вам хачу сказаць, лічылася вельмі нармалёвым дазволам, які даваў мястэчку пастаянны прыбытак з гандля).


Мясціны тут маляўнічыя і прыгожыя, ды і месца для касцёлаў атрымлівалася выбіраць у нашых продкаў значна лепей чым зараз.


Пабудавалі касцёл на ўзвышшы і нават кажуць, што з яго вежаў вышынёй у 26 метраў можна пабачыць не такі далёкі Мазыр.

(дарэчы, звярніце ўвагу на вежы на малюнку і на фатаздымкі сучаснасці. ну як? аднаўляюцца гістарычна?)

Існаваў іезуіцкі манастыр да 1820 года, калі расійскія ўлады перадалі комплекс бернардзінскаму ордэну. Але і лёс бернардзінцаў на Беларусі быў ня з лёгкіх. Пасля актыўнай падтрымкі па ўсёй краіне паўстання 1831 года, ордэн расфарміроўваюць і вырашаюць перадаць будынак назад католікам. 30 год у сценах касцёла гучаць словы каталіцкай веры. Але… чарговае паўстанне. 1863 год. І на гэты раз католікі актыўна падтрымліваюць паўстанцаў. Вынік – па ўсёй краіне зачыняюцца касцёлы і перадаюцца праваслаўнай царкве.


Апошні ксёндз вырашыў выратаваць святыню ад незразумелага лёсу, зрабіў копію, падмяніў, а арыгінал перадаў на захаванне Габрыэле Горват. (Памятаеце, я ж распавядала не так даўно пра магутных Горватаў у Прыпяцкім рэгіёне(а больш пра Горватаў пакуль можна тут пачытаць http://azarkinm.livejournal.com/132241.html )). Габрыэла вывозіць абраз у Кракаў і перадае на захаванне ў касцёл Св. Барбары, з умовай, калі жарсці па касцёлу прыціхнуць, абраз рэстаўруюць і вернуць у Юравічы… “


У 1865 годзе праведзены праваслаўныя набажэнствы ў новай царкве асвечанай у гонар Нараджэння Святой Багародзіцы, а комплекс перададзены жаночаму манастыру. І праваслаўе, было не праваслаўем, калі б не пачало рэстаўрацыю. Пяць год было аддазена на тое каб надстроіць над святыняй 12!!! купалоў-цыбулін.



2013 год для параўнання

Праваслаўныя службы вяліся ў будынку да 1920 года, пакуль савецкая ўлада абразы, маёмасць, залатыя падсвешнікі не вывезла, а будынак забіла дошкамі. Але не надоўга.


У 1928 годзе тут быў размешчаны дзіцячы дом, які яшчэ 10 год жыў пад праваслаўнымі 12 купаламі, пакуль ў 1938 іх не вырашылі іх прыбраць.


Пасля пачатку Другой сусветнай у будынку кляштара размяшчалася ваенная нямецкая камендатура. Вайна прайшла, немцы сыйшлі, і ў 1944 годзе ў будынак зноўку вярнуліся дзеці.


У 1958 годзе мясцовы старшыня калгасу вырашае пазбавіцца будынку касцёла і аддае загад, па якому муры касцёла пачынаюць разбіраць на цэглу для гаспадарчых патрэб. Стан касцёла ў 70-80-я гады прыблізна быў аднолькавы.








У 1993 годзе, будынкі перадаюцца Тураўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы і жаночаму манастыру.

(а зараз звярніце на залатую цыбулінку на адной з вежаў плыта :-) фота 2006 года)

Што здарылася пазней я нават і даведвацца моцна не хачу, але ў 2005 годзе, жаночы манастыр быў прэабразаваны ў мужчынскі.


Дарэчы, вы не падумайце на палякаў дрэннага. Абраз вярнулі пасля рэстаўрацыі і ўсе гэтыя гады ён захоўваўся ў сялянскай сям’е, якая вярнула яго пасля вяртання будынка вернікам. Абраз выстаўляўся ў Мазыры, а затым хросных ходам быў вернуты на сваё сапраўднае месца – ў Юравічы. А копія захоўваецца ў касцёле Св.Барбары (Кракаў, Польшча). Гэта была першая версія якую я знайшла і яна даволі аптымістычная і ружовая.


Другая версія не такая радасная для беларусаў. Абраз не вярнулі і арыгінал знаходзіцца ў Кракаве, а ў Юравічах месьціцца тая самая падробка. Але з-за таго, што яна была ну вельмі дакладна капіравана таксама ёй перадалася і святасць, і яна таксама дапамагае людзям. :-).


І каму верыць не вядома. Але трэба ведаць две версіі, каб разумець увесь цяжкі стан нашай культуры і трагічнасць гісторыі.


Вось такі цудоўны (зараз царква) адноўлены помнік архітэктуры мы можаш у хуткім часе мець на Палессі.


Але пагаджуся, што руіны яны зачароўваюць.


А зараз крыху пра археалагічны помнік, які так добра ведаюць дзеці з гісторыі.

(трохкутнікамі на мапе пазначаны стаянкі і раскопкі)

У Юравічах археолагі знайшлі некалькі паселішчаў, якія датуюцца рознымі перыядамі нашай гісторыі – стаянка верхняга палеаліта – 25-10 тыс. да н.э.; стаянка мезаліта – 6-7 тыс. да н.э.; дзве стаянкі нэаліта 4-3 тыс. да н.э.; стаянка нэаліта, жалезнага века 3-1 да н.э. А таксама вакол Юравіч знаходзяцца курганы дрыгавічоў ХІІ-ХІІІ ст, і гарадзішча перыяду Кіеўскай Русі. Толькі ўявіце колькі можна зрабіць турыстычных мясцінаў тут.


Адкрылі стаянку ў 1926 годзе, але самыя грунтоўныя раскопкі праводзіліся ў 50-60-я гады калі на адным паселішчы былі знойдзены косткі маманта. Дарэчы ў пачатку 2000-х планавалася тут зрабіць археалагічны музей. Быў распрацаваны праект, закладзены фундамент і пракладзена лесвіца да плануемай пляцоўкі музея. На гэтым працы скончыліся ў чаканні лепшых часоў.




Пра гісторыю можна даведацца толькі са стэндаў, якія месцяцца ў самы пачатку гары. Тут жа вы прачытаеце і агульны экскурс у гісторыю былога мястэчка, а зараз вёскі. На самой гары вы нічога цікавага для простага турыста не знойдзіце… толькі застанецца дзесьці глыбока ўнутры разуменне, што патрапілі на адно з самых старажытных паселішчаў на нашай тэрыторыі.


P.S. Цікавым фактам з’яўляецца далучэнне Юравіч да Беларусі. Зараз хуценька пра гэта. 1 студзеня 1919 года Юравічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, але праз 15 дзён, Масква забірае тэрыторыю з этнічнымі беларусамі ў склад Расійскай Федэрацыі. Пяць год Юравічы знаходзіліся ў складзе Расіі, пакуль не вярнуліся да БССР як асобны раён. Юравіцкі раён існаваў да 1931 года, а пасля ўваходзіць у склад Рэчацкага раёна. У 1938 годзе статус Юравіч паменшылі з мястэчка да вёскі. Такой яна зараз і з’яўляецца.

Калі верыць пашпарту, працы ў былым касцёле скончацца напрыканцы 2014 года, аптымізм на аднаўленне ёсць, але ён крыху сціхае калі бачыш, колькі разоў пераклейвалі гэту дату.



Tags: Беларусь, Юровичи, архитектура, история
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments