elena_2004 (elena_2004) wrote,
elena_2004
elena_2004

Беларуская вёска на бурацкай зямлі

http://news.tut.by/society/412054.html

Расійская Сібір, бадай, адзінае месца ў свеце, дзе практычна ў нязменным выглядзе захаваліся беларускія паселішчы, закладзеныя больш за стагоддзе таму. Адзін з такіх узораў захавання нацыянальных традыцый — вёска Тургенеўка, якая ў 1909 годзе прытулілася на спрадвечнай бурацкай зямлі.
Сюды па так званай сталыпінскай аграрнай рэформе пераехалі некалькі дзясяткаў сем'яў з Гарадзенскай губерні.
Усвядоміць сябе беларусамі жыхарам Тургенеўкі дапамог Алег Рудакоў — бясспрэчны аўтарытэт для тутэйшых землякоў. Расказвае, што яшчэ ў сярэдзіне 1990-х нехта яму падказаў, што недалёка ад Усць-Арды жывуць "яўна нярускія" — размаўляюць неяк дзіўна. Ад таго часу Тургенеўка стала прыкладам беларускасці за 6 тысяч кіламетраў ад уласна Беларусі. Пра гэта сведчыць і двухмоўная шыльда на ўездзе ў вёску:
"Ідэя паставіць тут шыльду ўзнікла ў мяне даўно. Адзінае, што цяжка было падступіцца. Увогуле першы раз у гэтую вёску я наведаўся ў 1997 годзе. Праўда, тады мне казалі, што тут жывуць як быццам "хахлы", але неяк дзіўна размаўляюць. Але калі сюды прыехаў, аказалася, што на самай справе тут жывуць беларусы, якія былі пераселены яшчэ ў 1909 годзе з Гарадзенскай губерні. Раней тут быў знакаміты калгас імя Чапаева, пра што сведчыла вялікая шыльда. Але праязджалі побач людзі і нават не ведалі, што гэта вёска Тургенеўка, што тут жывуць цікавыя людзі. Неўзабаве мы пачалі ладзіць нацыянальнае жыццё, ствараць музей вёскі, у школе пачалі весці беларускія гурткі. І мне захацелася, каб назва "Тургенеўка" належным чынам была адзначана. Не проста шыльду паставіць — ну што з таго, што Тургенеўка? А напісаць, што гэта беларуская вёска, заснаваная ў 1909 годзе. Зноў жа, узнікла ідэя напісаць гэта на дзвюх мовах: на расійскай мове - усё ж мы ў Расіі жывём, і на нашай роднай беларускай мове".

Тургенеўка месціцца на тэрыторыі Баяндаеўскага раёна Усць-Ардынскай Бурацкай акругі — адміністратыўнай адзінкі з асаблівым статусам. Спакон вякоў карэнным народам тут былі бураты, яны, як сведчаць летапісы, прытулілі і першых беларусаў, якія з лёгкай рукі тагачаснага кіраўніка царскага ўраду Пятра Сталыпіна прыехалі падымаць Сібір. Дарэчы, назва вёскі паходзіць зусім не ад імя расійскага класіка Івана Тургенева, а ад мясцовага бурата Тургена, які быў упаўнаважаны размяркоўваць зямлю сярод перасяленцаў.

Як беларусы выбіралі месца пад паселішча — ад дзядоў ды бацькоў пачула адна са старэйшых жыхарак Тургенеўкі Ніна Кузьмінічна Дакучыц, вядомая спявачка беларускіх народных песень:
"Прыехалі нашы дзяды з Гарадзенскай губерні, Пружанскага павету. Гэта цяпер Пружаны адносяцца да Берасцейскай вобласці, а раней былі гарадзенскія. Ехалі па сталыпінскай рэформе. Расказвалі, што выбіралі месца пад вёску так: тагачаснае баяндаеўскае начальства паказала некалькі месцаў — Булгу і вось гэтую мясцовасць. Тут была не тое што тайга, але быў вялікі лес — беразняк, лістоўніцы. Прыехалі ад нашых тры чалавекі, паглядзелі, мабыць, пераначавалі і ўрэшце выбралі гэтае месца. Хоць там, у Булзе, рэчка побач бегла, вада была, нібыта больш камфортныя ўмовы. Але там нізіна, там часцей здараюцца замаразкі. Таму яны пасяліліся менавіта тут. Увогуле гэта ўсе месцы ў нас бурацкія. У Булзе, дзе ім паказалі, спачатку былі бурацкія летнікі, юрты стаялі. Відаць, з буратамі мужыкі перамовіліся, і тыя сказалі, што для земляробства тут глеба не лепшая — маразы, раннія замаразкі. А буратам жа ўсё роўна, яны на зямлі не працавалі".
Старшыня Тургенеўскага аддзялення Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, настаўніца Таццяна Садоўнікава арганізоўвае экскурсію па вёсцы, паказвае хаты, пастаўленыя беларусамі 100 гадоў таму:

"На сёння насельніцтва Тургенеўкі — прыкладна 600 чалавек. Нашы вяскоўцы вельмі стараюцца, каб было ўтульна, прыгожа, каб было шмат кветак, трымаюць жыллё ў парадку. Цешыць, што людскога адтоку няма, людзі застаюцца, нараджаюць дзяцей. А гэта значыць, што ім тут камфортна. Што яшчэ адметна — у нас цяпер нават больш беларускіх сем'яў, чым некарэнных, змешаных. Вельмі шмат якраз карэнных. У нас тут прозвішчы скрозь беларускія — Аскірка, Цюшкевіч, Здановіч, Пазняковіч, Шкілевіч. Літаральна ўсе, прозвішчаў "іншародных" надзвычай мала. У мяне вось прозвішча пасля замужжа Садоўнікава, але майго мужа дзед па-сапраўднаму быў Садоўнічы ці Садаўнічы. Але як пераехалі сюды, іх чамусьці перахрысцілі ў Садоўнікавых. Як я разумею, абруселі прымусова, не па сваёй волі, таму што праводзілася такая палітыка".
Першыя перасяленцы туліліся ў зямлянках, але ўжо ў 1913 годзе ў Тургенеўцы была пабудавана школа. Потым яе не раз перабудоўвалі, а да 100-годдзя навучальнай установы вёска атрымала доўгачаканы падарунак — новы, ультрасучасны будынак, якому могуць пазайздросціць гарадскія вучні. Калі ўлічыць, што асноўны рухавік беларускай суполкі — якраз настаўнікі, такая штаб-кватэра абсалютна да месца. Напрыклад, выкладчыца пачатковых класаў, кіраўніца дзіцячага ансамбля "Рушнічок", салістка народнага хору "Варэнічкі" Наталля Цюшкевіч прыцягнула да нацыянальнай справы не адно пакаленне маленькіх нашчадкаў беларусаў, навучыўшы іх не толькі спяваць, а майстраваць з гліны і саломкі, ладзіць старадаўнія абрады і святы:
"У школе мы здаўна займаліся фальклорам, але расійскім. Гэта не тое што нейкая студыя, але на класных гадзінах, на нейкіх святах спявалі, танцавалі. Паколькі мне самой бліжэй фальклор, то, мабыць, таму традыцыя і працягнулася. А ўжо калі пазнаёмілася з Алегам Рудаковым, то, як кажуць, змянілі тэму. Справа ў тым, што яшчэ калі я хадзіла ў наш хор "Варэнічкі", то дзетак таксама гэтым песням вучыла. Бо мне гэтыя песні самой падабаліся. Там былі вельмі каларытныя жанчыны, галасішчы ў іх магутныя — Ніна Кузьмінічна, Тамара Рыгораўна, Чаркашына — яны мяне проста захаплялі. У цёці Мані другі голас, я таксама другім спяваю — ой, як мне з ёй лёгка было спяваць! І я дзяцей таксама гэтаму вучыла. Спачатку тут рэпеціравалі, а потым з дзецьмі спрабавалі. То бок праз Алега пачалі займацца чыста беларускімі спевамі. І паўнавартасны дзень нараджэння "Рушнічка" — гэта, мабыць, пачатак 2000 году".
Рэдкая вёска можа пахваліцца ўласным краязнаўчым музеем, але жыхары Тургенеўкі здаўна ведаюць месца, дзе любая рэч можа стаць унікальным экспанатам. Шмат гадоў установа трымаецца на плячах музейнай захавальніцы, заслужанай настаўніцы Расіі Валянціны Гурэўскай:
"Тут прадстаўлены розныя прыстасаванні для працы, прадметы побыту, кухонныя рэчы — практычна ўсё гэта людзі везлі з Беларусі. На шчасце, шмат што захавалася, не знікла. Напрыклад, тыя ж калодкі. Абутак надзвычай цяжка было набыць, проста не было дзе ўзяць, таму шылі самі. Спачатку са скуры дзікай жывёлы, а потым ужо са скуры жывёлы хатняй — прычым абутак і дарослы, і дзіцячы. Таксама вырабы, якія самі выдзёўбвалі з дрэва — рознай формы карыты. Такое карыта служыла для розных мэтаў — і дзіцё можна было пакупаць, і адзежу памыць у ім, і нават жывёлу можна было пакарміць. Як кажуць, шматфункцыянальнае прыстасаванне. Увогуле, калі казаць пра беларускі народ, то гэта людзі вельмі беражлівыя, вельмі акуратныя. Вось бачыце, два гліняныя гаршкі, абгорнутыя бяростай. Дзеля чаго? Нават калі гаршчок атрымліваў трэшчыну, яны яго не выкідалі, абкручвалі бяростай і выкарыстоўвалі для чагосьці сыпучага. Вельмі былі беражлівыя. Тут жа ўсялякія лямпы, ліхтары, якімі яны карысталіся".
Кіраўніца муніцыпальнага ўтварэння "Тургенеўка" Святлана Недасекіна кажа, што яна — рэдкі прыклад мясцовага жыхара, які не мае беларускіх каранёў. Але за тры дзясяткі гадоў жыцця ў беларускай вёсцы ўспрымае сябе як "мясцовую":
"Я тут, дарэчы, ужо 29 гадоў, таму і я сама, і практычна ўсе навокал за гэтыя гады пачалі лічыць, што я ледзь не чыстая беларуска. Хоць, па шчырасці, у мяне карані крыху іншыя..."

Карэспандэнт: "То бок атрымліваецца, што лабіруеце інтарэсы беларусаў?"

"Ведаеце, ужо проста немагчыма стаяць убаку ад усёй гэтай справы, насамрэч інакш ужо і не атрымаецца. Больш скажу: мяне на ўсіх сходах успрымаюць як беларуску: калі з беларускай вёскі — значыць, "мясцовая". Увогуле нас вельмі добра ацэньваюць і ў маштабах раёну, і акругі, і вобласці. Я б нават сказала, што цудоўна. Працаваць з беларусамі — адна прыемнасць, ніякіх праблем. Мы адзіная такая вёска — самі бачыце, што ўсё ж яна больш-менш чыстая, акуратная. Увосень яна патанае ў рабіне, увесну — уся ў чаромсе, у бэзе. Цяпер, праўда, усё збольшага адквітнела, але ўсе жанчыны стараюцца палісаднікі трымаць у кветках. Шыкоўныя гароды, трэба сказаць. Клімат, вядома, гэтыя гады падводзіць, але тым не меней..."

Дзеля справядлівасці, Тургенеўка — не адзіная беларуская вёска ў Сібіры, да іншых не ўдалося дабрацца. Гэтаксама як Тургенеўку, на пачатку ХХ стагоддзя беларусы заснавалі Ахіны, Лідзінск, Талстоўку ды іншыя паселішчы. Дзякуючы намаганням актыву Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, тамтэйшыя жыхары пачалі па-новаму глядзець углыбіню сваёй біяграфіі.

Читать полностью: http://news.tut.by/society/412054.html
Tags: Беларусь, Россия, Сибирь, белорусы, история
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments