elena_2004 (elena_2004) wrote,
elena_2004
elena_2004

Латыскі сьлед у Хайсах

Прадстаўнікі пошукавага батальёну пакуль зьбіраюць парэшткі і рэчы, сыстэматызуючы знаходкі. Фатаграфаваць іх актывістам забаранілі. Але вайсковы археоляг Вадзім Тамілін паказаў знойдзены фрагмэнт жаночага грабеньчыка, на якім надрапана імя «Оля» і частка прозьвішча меркаванай гаспадыні. Удзельнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Карапаты» Андрэй Кешанюк правёў уласнае дасьледаваньне.
Пошукі прывялі яго ў вёску Матушова Лёзьненскага раёну, расказаў спадар Кешанюк:
«Прозьвішча на грабеньчыку далёка не самае распаўсюджанае: відаць першую літару „Д“, потым „а“, потым „н“, за ёй — дзьве вэртыкальныя рыскі, як у „п“ або „ц“, а сьледам — „и“. Гэта апошняя літара, якая засталася на абламаным кавалачку. Я праверыў па сьпісах рэпрэсаваных, якія ёсьць у інтэрнэце. З усіх прозьвішчаў, якія пачынаюцца з Дан-, потым нявызначаная літара, а за ёй „и“, несумненна вылучаецца адно: „Данцит“. Прычым у сьпісе рэпрэсаваных значыцца менавіта Вольга Данцыт, латышка, якая нарадзілася ў 1910 годзе ў вёсцы Матушова Віцебскага раёну. Жыла ў Віцебску, працавала настаўніцай у школе № 30 і была расстраляная 30 красавіка 1938 году нібыта за антысавецкую дзейнасьць у складзе латыскай контррэвалюцыйнай арганізацыі».
Андрэй Кешанюк вызначыў, што прозьвішча «Данцит» або «Данцыт» сустракаецца ў розных сьпісах рэпрэсаваных 7 разоў, і амаль усе гэтыя людзі паходзяць зь вёскі Матушова. Нехта зь іх быў расстраляны, нехта сасланы... Каб знайсьці сваякоў згаданых асобаў, спадар Кешанюк адшукаў сучасьнікаў з такімі самымі прозьвішчамі ў сацыяльных сетках. Два чалавекі ўжо адгукнуліся і пацьвердзілі: так, іхныя сваякі былі рэпрэсаваныя. Расстралялі ня ўсіх — кагосьці саслалі на Поўнач. Верагодна, праз гэта нашчадкі Данцыты і трапілі ў Чалябінскую вобласьць...
Стваральнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў таксама паходзіць зь Лёзьненскага раёну. Ён прыгадаў падзеі 1994 году:
«Якраз у Лёзьне мы зьбіралі подпісы перад прэзыдэнцкімі выбарамі, і да мяне падышоў чалавек ужо ў сталым веку. Стаў распавядаць, што менавіта з Сутоцкага сельсавету ў 1930-я гады дзясяткамі і сотнямі вывозілі сем’і латышоў. Калісьці латышы перасяліліся сюды, бо тут было шмат зямлі: ім давалі ўчасткі лесу, каб выкарчоўвалі сабе пад гаспадарку. Яны працавалі дзень і ноч, паціху абжываліся. І, вядома, не хацелі ісьці ў калгасы. За гэта і траплялі ў «ворагі народу».

Каб пашукаць нашчадкаў рэпрэсаваных Данцытаў, Ян Дзяржаўцаў і Андрэй Кешанюк прыехалі ў вёску Матушова — на радзіму імавернай уладальніцы грабеньчыка, знойдзенага на могільніку ў Хайсах. Паводле апублікаваных у інтэрнэце сьпісаў, вяскоўцы з прозьвішчам Данцыт траплялі пад рэпрэсіі двойчы: у 1931-м, падчас калектывізацыі, і ў 1938-м, за «дзейнасьць» у складзе антысавецкай групоўкі.

Апошняя прадстаўніца матушоўскіх Данцытаў памерла ў 1974 годзе

На сёньняшні дзень Данцытаў у вёсцы ужо не засталося, сказала мясцовая жыхарка, 79-гадовая Вера Пісарава:«Апошняй была Ксенія Данцыт, яна працавала ў калгасе, памерла ў 1974 годзе. Дзяцей у яе не было, ужо ў сталым веку яна сышлася з Іванам Жаўлачэнкам. Тая хата, дзе яны жылі, цяпер стаіць пустая... Увогуле ж у нас прынята казаць „сядзіба“, так заведзена з даўніх часоў. Сядзібаў даўно няма, але мясьціны так і называюцца: „сядзіба Данцыт“, „сядзіба Паўкшэн“. У нашай вёсцы заўжды жыло шмат латышоў, і амаль у кожнай сям’і былі рэпрэсаваныя. У 1930-я забралі таксама майго дзеда, яго звалі Аўгуст Паўкшэн, і дзядзьку Арвіда. Няхай бы ўжо толькі дзеда ўзялі, ён стары быў, а дзядзька дык зусім малады! Абвінавацілі, што дзед багаты быў. А які ён багаты? Прыехалі з Рыгі, мелі з сабой карову ды каня, да дуба прывязалі, а жытла не было... На Малую зямлю іх кудысьці адправілі. Там яны й згінулі. Нам потым даслалі паперу, што яны невінаватыя. А што тая папера, калі яны ўжо больш не вярнуліся!»
Імёнаў Арвіда і Аўгуста Паўкшэнаў няма ў сьпісах рэпрэсаваных, складзеных «Мэмарыялам». Але згадваюцца іншыя ўраджэнцы вёскі Матушова з такім самым прозьвішчам. На мясцовых могілках пахаваная Паўліна Паўкшэн, бабуля спадарыні Веры.
Сустракаюцца і магілы з прозьвішчам «Эзэрын». Гэты род таксама мае сваіх рэпрэсаваных: 79-гадовая Валянціна Краўцова яшчэ не нарадзілася, калі забралі бацьку, Івана Эзэрына. Спадарыня Валянціна кажа, што пра тыя падзеі чула ад маці:

«Не было мяне на сьвеце яшчэ, маці ўсё аддала, дык яе яшчэ й піхнулі, цяжарную... Я нарадзілася 27 сьнежня 1937 году, ужо бяз бацькі... Паводле дакумэнтаў, яго расстралялі ў Віцебску 30 студзеня 1938-га. Але пасьля вайны мы нават у вышук падавалі. Думалі, раптам ён у жывых недзе ёсьць? Дык нам і адказ даслалі, што жывы. Мы так радаваліся! А праз тыдзень прыйшло новае паведамленьне, што яго няма, што гэта была памылка».
Жонка рэпрэсаванага Івана Эзэрына была малапісьменная, але дужа працавітая. Рабіла ў калгасе, была ўганараваная званьнем Героя сацыялістычнай працы. Праца і падарвала яе здароўе: жанчына памерла ў 65 гадоў.

Пошукі дзеда працягвае Дзіна Караўцова, дачка спадарыні Валянціны:«Вось што я чула ад дзядзькі, мамінага брата. Ён у 1937-м быў малы, але нешта памятаў ад дарослых. Кажа: быў такі ў нас Сапега, старшыня калгасу «Інтэрнацыянал». І менавіта ён падаў заяву супраць дзеда Івана, што той замежны шпіён. Бабуля расказвала, што дзеда змушалі йсьці ў калгас, а ён не хацеў. Жылі хутарам, была свая гаспадарка. І дзед сказаў, што ў калгас ня пойдзе, а пойдзе працаваць машыністам. тады прыехалі з НКУС... Я, дарэчы, у 1990-я хадзіла ў КДБ, у Віцебскае абласное ўпраўленьне. Пыталася, дзе расстралялі дзеда, дзе ягоная магіла. А мне сказалі: «Нават ня можам сказаць. Самі ня ведаем».
У даведцы пра рэабілітацыю Івана Эзэрына ёсьць памылкі: па-першае, у прозьвішчы прапушчана літара. Пад прозьвішчам «Эзрын» ён значыцца і ў сьпісах «Мэмарыялу».

Дзе расстрэльвалі вязьняў віцебскай турмы НКУС, дагэтуль невядома

У гэтых сьпісах, што да латышоў зь вёскі Матушова, пазначана агульнае: «расстраляны ў Віцебску». Але вязьняў віцебскай турмы НКУС у горадзе не расстрэльвалі — вывозілі ў навакольныя лясы...

Ня выключана, што такім чынам у невядомым масавым пахаваньні каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну апынуўся грабеньчык з надпісам «Оля Дан(ц)и» без апошняй літары. Расстраляная настаўніца Вольга Данцыт была па бацьку Аляксандраўнай. Як і апошняя жыхарка вёскі Матушова з такім прозьвішчам — Ксенія Аляксандраўна Данцыт. Ці былі яны сёстрамі, або мае месца простае супадзеньне, ужо ніхто ня скажа.
Са сьмерцю Ксеніі скончыўся тутэйшы радавод Данцытаў — латыскіх перасяленцаў на Лёзьненшчыне. Яны карчавалі лясы, каб збудаваць сядзібы для сябе і нашчадкаў. І месцам апошняга спачыну для некаторых таксама стаў лес. Верагодна, «расстрэльны лес» каля вёскі Хайсы, якую ўжо называюць «віцебскімі Курапатамі».
https://www.svaboda.org/a/28495168.html
Tags: Беларусь, Витебская область, Латвия, СССР, государство, жизнь, общество, репрессии, судьба, человек
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments