elena_2004 (elena_2004) wrote,
elena_2004
elena_2004

Навуковец Акадэміі навук распавядае, як выжывае на месячны заробак у 137 долараў

Навуковец Акадэміі навук распавядае, як выжывае на месячны заробак у 137 долараў | euroradio.fm

Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Віталь Ашэйчык апублікаваў у Фэйсбуку разліковы лісток за верасень. Заробак маладога вучонага-археолага, спецыяліста па каменным веку, — 269,81 рубля, пасля вылічэння падаткаў — 244,12. Гэта ў 2017 годзе, "Годзе навукі ў Беларусі". Па словах Віталя, размясціў разліковік у сеціве ён проста, "каб падзяліцца".
Еўрарадыё: Калі вы ўладкоўваліся на працу ў Інстытут гісторыі, вы ведалі, колькі будзеце зарабляць?
Віталь Ашэйчык: Заробак у бюджэтных арганізацыях вядомы. І я ўяўляў, што будзе так. Адзінае, што ў рэальным вылічэнні ў 2014 годзе, калі я прыйшоў працаваць, у доларавым эквіваленце заробак быў большы. Графік працы у нас фармальна фіксаваны. Працоўны дзень — з 9.00 да 17.45, абед — паўгадзіны. Гэта калі не ў камандыроўцы, у якіх я і мае калегі-археолагі праводзім даволі шмат часу. Асноўная функцыя навуковых супрацоўнікаў — навукова-даследчая праца. Калі казаць агульна, я вывучаю каменны век Беларусі. Калі больш канкрэтна — на дадзены момант займаюся перш за ўсё даследаваннем тэхналагічных аспектаў адаптацыі старажытнага насельніцтва эпохі мезаліту ў час пераходу ад ледавіковай эпохі да геалагічнай сучаснасці. Якая праца за гэтым крыецца? Архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні, праца з археалагічным матэрыялам, напісанне навуковых артыкулаў, падрыхтоўка прэзентацый і выступленне на канферэнцыях. Таксама кожны археолаг даволі шмат часу праводзіць у экспедыцыях, а потым рыхтуе навуковыя справаздачы аб палявых даследаваннях. На нас, у тым ліку і на мне, ляжыць і фондавая праца, бо інстытут захоўвае калекцыі археалагічнага матэрыялу, якія атрыманыя падчас раскопак. Акрамя гэтага, увесь час даводзіцца займацца і звычайнай офіснай працай: падрыхтоўка рознай дакументацыі, перапіска з калегамі, зносіны з рознымі ўстановамі ў Беларусі, арганізацыйная праца і іншае.

Еўрарадыё: Як вы жывяце на такі невялікі заробак? Не праводзілі эксперымент "Як выжыць на 269 рублёў" (на сёння каля 137 долараў)?
Віталь Ашэйчык: Эксперымент не праводзіў. На што хапае заробку, сказаць складана, бо, безумоўна, даводзіцца падзарабляць. Праца ў інстытуце дае магчымасці падпрацовак, хаця яны вельмі нерэгулярныя. Напрыклад, мы ўдзельнічаем у выратавальных раскопках, якія праводзяцца не за бюджэтныя сродкі. Калі ў зону будаўніцтва трапляюць археалагічныя аб’екты, згодна з законам, яны мусяць быць даследаваныя. І наш інстытут праводзіць такія раскопкі, якія папярэднічаюць інвестыцыйным праектам. Але ў кожным выпадку, тое, што зарабляю "на лапаце", не вельмі змяняе агульную карціну — да сярэдняга заробку па Мінску ці хаця б сярод бюджэтнікаў усё роўна далёка.

Еўрарадыё: Не плануеце змяняць працу?

Віталь Ашэйчык: Безумоўна, я і многія мае калегі думаем пра тое, што ў нейкі момант трэба гэта зрабіць, таму што няма перспектываў ні ў кар'ерным росце, ні ў і павелічэнні заробку. За тыя грошы, якія можна зарабіць у нас у археалогіі, пражыць у любым выпадку праблематычна.

Еўраардыё: Дзе яшчэ могуць працаваць археолагі ў Беларусі, калі не ў Акадэміі навук?

Віталь Ашэйчык: Можна займацца ўсім, чым заўгодна, апроч археалогіі (смяецца). У мяне ёсць вышэйшая адукацыя, некалькі дыпломаў, я ведаю дзве замежныя мовы. Думаю, што з тым функцыяналам, з якім мне даводзіцца сутыкацца на працы ў Інстытуце, знайсці якую-небудзь звычайную працу можна без асаблівых праблем. Але хацелася б дарабіць дысертацыю. А гэта зойме яшчэ прынамсі паўгода-год. А там паглядзім.

Еўрарадыё: На што вы патраціце свой вераснёўскі заробак у 269 рублёў?

Віталь Ашэйчык: Палову я ўжо патраціў на ежу, праязны, інтэрнэт.

Еўрарадыё: Такі заробак атрымліваюць толькі маладыя вучоныя?

Віталь Ашэйчык: Гэта стандартная стаўка навуковага супрацоўніка. За 40-гадзінны працоўны тыдзень мы атрымліваем вось гэта. Калі прыдумаеш сабе нешта дадатковае, будзеш мець больш. Старэйшыя калегі атрымліваюць больш, бо ў навуцы ёсць даплаты за вучоныя ступені. Я не маю ніякай вучонай ступені на дадзены момант, толькі рыхтую дысертацыю. Але даплата за вучоную ступень складае каля 80-100 рублёў. То бок, калі заробак навуковага супрацоўніка без ступені 245 рублёў чыстымі, то 320-340 рублёў мае навуковы супрацоўнік са ступенню. Гэта падаецца як стымул для таго, каб абараняцца. Розніца паміж стаўкамі малодшага навуковага супрацоўніка і навуковага супрацоўніка складае каля 10-15 рублёў. І адпаведна, такая ж розніца паміж заробкамі навуковага супрацоўніка і старшага навуковага супрацоўніка. Магу сказаць, што мой асноўны заробак як навуковага супрацоўніка летам быў 253 рублі. Гэта на 12 рублёў менш, чым мінімальны заробак у Беларусі. І мне даплачвалі гэтую розніцу, каб заробак дацягваў да мінімальнага.
Tags: "что-то не так", Беларусь, археология, государство, наука, общество, экономика
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments