— Цытадэль мае выключнае значэнне для археалагічнай навукі, паколькі яе захоп і знішчэнне датуюцца літаральна адным днём, гэтаксама як і выпадзенне ўсіх знаходак у культурны пласт, — адзначае Марат КЛІМАЎ, супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. — У першы год мы патрапілі на згарэлыя драўляныя канструкцыі і думалі, што гэта брама вежы. А, можа, гэта была і царква, бо знайшлі шмат аплаўкаў бронзы, якія маглі аказацца звонам. Ужо летась мы знайшлі цэлую частку гэтай брамы, што рэальна пацвердзіла першапачатковую версію. Знайшлі цвікі ад рашоткі гірсы — пад'ёмнага моста. Каб поўнасцю знайсці ўсе пабудовы крэпасці, трэба раскапаць вялізную плошчу. Хоць ужо цяпер зразумела, што бліжэй да брамы жылі простыя стральцы, а ў цэнтры фартэцыі — начальства.
Летась ПАЛьцы адкапалі некалькі пабудоў крэпасці і здабылі з зямлі сярод іншых артэфактаў унікальную рэч — касцяны нацельны крыж, які, як думаецца, належаў камандзіру стральцоў. Сёлетняе юбілейнае «паляванне на даўніну» прывяло на могілкі. Па апошніх звестках, знойдзена ўжо 12 шкілетаў, на адным з якіх былі пацеркі і фібула.
Археалагічная раніца, як заўжды, пачынаецца са звону чарпака па місцы — гэта дзяжурныя згатавалі кашу і склікаюць на сняданак. На свежым паветры есца са смакам, кашу «наварочваюць» нават тыя, хто верне ад яе нос дома. А нелюбімую для многіх малых страву — суп — у абед дзеці часта просяць на дабаўку.
Менш чым праз гадзіну пасля пад'ёму валанцёры ўжо на раскопе. Вакол яго луг з кветкамі, абкружаны соснамі. Дзеці легіянераў і самі ПАЛьцы з задавальненнем гуляюць тут у свабодны час у футбол. Падчас работ малыя дапамагаюць перабіраць зямлю ў пошуках артэфактаў. Калі стамляюцца — гуляюць у «сярэднявечнай пясочніцы» — яме з-пад леташняга раскопу з жоўтым мяккім пяском ці знаходзяць іншыя забаўкі ў лагеры і лесе.
Цікава, што дзіцячая «банда» большасць часу праводзіць сама па сабе. Амаль для ўсіх такое падарожжа ў навіну, таму бацькоў ад раскопак не адрываюць. Ды і ведаюць, што пасля абеду адпачынак будзе ўжо сумесны. Плаваюць малыя з бацькамі тут і ранкам, і днём і ўвечары. Да камароў прызвычайваюцца ўжо на другі дзень, а самае галоўнае — тут яны ў пэўнай ступені становяцца самастойнымі і незалежнымі і знаходзяць свае першыя артэфакты. А яшчэ адчуваюць сябе такімі ж паўнапраўнымі ПАЛьцамі, як і дарослыя, бо ўсіх дзяцей, старэйшых за пяць гадоў, хто пабываў на раскопе, пасвяцілі ў археолагі.
Здаецца, што адчуванне свабоды, бязмежных магчымасцяў і эмацыянальнага натхнення тут застаецца праз гады. Больш за тое, некаторыя легіянеры пажаніліся і нарадзілі дзетак, пазнаёміўшыся менавіта на раскопе, і цяпер прывозяць іх з сабой. Я сама стала ПАЛькай яшчэ ў 2000 годзе, калі ўпершыню трапіла ў экспедыцыю ў камандзіроўку, і дагэтуль не магу адмовіць сабе ў гэтай «дзікай прыроднай раскошы».
Успомніла ўсё. І як падымацца а шостай гадзіне раніцы, калі шэф прызначае цябе дзяжурнай, каб зварыць на сняданак вядро кашы і вядро гарбаты. І як ты пры гэтым адчуваеш сябе, бо легла толькі ў тры, бо золак заспеў цябе за размовамі з сябрамі, з многімі з якіх, асабліва не мінскімі, дзе яшчэ пабачышся, як не на раскопе. І як зацякае спіна ад доўгага сядзення на адным месцы, пакуль перабіраеш зямлю. І як гэта цудоўна — вырвацца са звычайнай руціны дарослага жыцця ў ПАЛ.
http://zviazda.by/be/news/20180803/1533308902-yak-zvyazdouka-arheolagam-stala